ПЕРСО́НА НОН ГРА́ТА (лац. persona non grata непажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, якой адмоўлена ў агрэмане, таксама дыпламат. прадстаўнік або іншы дыпламат, знаходжанне якога дзяржава аб’явіла непажаданым. Абвяшчэнне П.н.г. — заява дзяржавы пра тое, што далейшае знаходжанне дыпламата, членаў яго сям’і або іншага супрацоўніка дыпламат. прадстаўніцтва на яе тэрыторыі з’яўляецца непажаданым. Прававым вынікам такой заявы з’яўляецца ўзнікненне ў прадстаўляючай дзяржавы абавязку адклікаць адпаведную асобу ў тэрмін, пазначаны ў заяве, пры нявызначаным тэрміне — на працягу прымальнага часу. Калі дыпламат. асоба не пакідае краіну, мясц. ўлады могуць абвясціць дыпламата прыватнай асобай з вынікаючымі наступствамі.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)